ЯРАПО́ЛК Ю́Р’ЕВІЧ,

пінскі князь у канцы 12 ст. Сын тураўскага і пінскага кн. Юрыя Яраславіча. Упамінаецца ў 1190, калі ў Пінску адбывалася яго вяселле. На свята прыбыў паўд.-рус. кн. Рурык Расціславіч, з якім меркаваўся сумесны паход на Літву, але не адбыўся з-за ранняга раставання снегу. Магчыма, Я.Ю. валодаў Пінскам сумесна з братам Яраславам Юр’евічам. Пры археал. раскопках у Пінску (1957) знойдзены фрагмент амфары з надпісам «[Я]рополче віно». Як мяркуюць, гэта амфара з віном была прывезена на вяселле Я.Ю.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 18, кн. 1, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)